Універсітэцкі навукова-метадычны семінар «Культура Берасцейшчыны, Беларусі, Сусвету ў люстэрку іменаслову»

18 красавіка 2019 года на філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў навукова-метадычны семінар «Культура Берасцейшчыны, Беларусі, Сусвету ў люстэрку іменаслову». Арганізатарам семінара выступіла кафедра беларускай філалогіі. Вочны і завочны ўдзел у мерапрыемстве ўзялі выкладчыкі і студнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, настаўнікі і школьнікі Брэста.

На семінары прагучалі даклады пра разнастайныя складнікі анамастычнай сістэмы, якая з’яўляецца фундаментальным матэрыялам для пазнання, раскрыцця свядомасці народа, для разумення псіхалогіі і характару людзей, якія адносяцца да пэўнай нацыянальнасці ці рэгіёна. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мікалай Мікалаевіч Аляхновіч прааналізаваў уласныя імёны як сэнсава-стылёвы маркер устойлівых адзінак, што адлюстроўваюць сюжэты сусветнай літаратуры і факты гісторыі розных краін. У дакладзе дацэнта кафедры беларускай філалогіі Святланы Феадосьеўны Бут-Гусаім былі разгледжаны працы беларускага анаматолага Ірыны Антонаўны Шумскай, якая аналізавала паходжанне, структуру, нацыянальна-культурную інфармацыю розных кампанентаў (уласных асабовых імёнаў, прозвішчаў, мянушак) анамастыкону Берасцейшчыны. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Брэста» Чарнавокая Юлія Міхайлаўна расказала аб навукова-даследчай дзейнасці вучняў Амелянецкай сярэдняй школы Камянецкага раёна па збіранні і аналізе анамастычнай лексікі. Вучнямі сярэдняй школы № 1 г. Брэста Шпак Анастасіяй і Пацейчуком Стасам былі падрыхтаваны даклады пра паходжанне прозвішчаў навучэнцаў школы, а таксама пра гісторыю назваў вуліц горада Брэста.

Студэнтамі філалагічнага факультэта Патапчук Ірынай, Кандрацюк Анастасіяй, Арэшка Юліяй, Юшкевіч Аксанай, Лапука Наталляй і інш. былі падрыхтаваны паведамленні пра вобразна-выяўленчую ролю ўласных імёнаў у творах берасцейскіх пісьменнікаў, а таксама пра адукацыйны і выхаваўчы патэнцыял уласных імёнаў, які рэалізуецца падчас вывучэння анамастычнай лексікі ў школе.

У заключэнне семінара для школьнікаў была арганізавана экскурсія па філалагічным факультэце.

Дзякуем усім удзельнікам мерапрыемства і спадзяёмся на далейшыя плённыя сустрэчы.

Кафедра беларускай філалогіі

Падзяліцца: