Універсітэт ушаноўвае Ганаровага доктара Р.А. Васілевіча

29 лютага 2017 г. Савет універсітэта ўшаноўваў выбітнага айчыннага навукоўца – доктара юрыдычных навук, прафесара, Заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі, загадчыка кафедры канстытуцыйнага права БДУ Рыгора Аляксеевіча Васілевіча, які быў удастоены звання «Ганаровы доктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна». Першы прарэктар БрДУ імя А.С. Пушкіна, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт С.А. Марзан ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў Рыгору Аляксеевічу пасведчанне і мантыю Ганаровага доктара БрДУ.

У адказным слове Рыгор Аляксеевіч адзначыў, што для яго важна атрымаць гэтае высокае званне, таму што з БрДУ яго звязвае шматгадовае плённае супрацоўніцтва. Рыгор Аляксеевіч вельмі шмат зрабіў у падрыхтоўцы кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі для юрыдычнага факультэта. Пад яго навуковым кіраўніцтвам ў розныя перыяды часу выкладчыкамі юрыдычнага факультэта былі падрыхтаваны 4 дысертацыйныя даследаванні: 3 кандыдацкія – І.М. Бараноўскай, А.В. Чмыга, С.А. Цюга (2 кандыдацкія абаронены) – і 1 доктарская – Т.З. Шалаевай. Д.С. Берагаўцова і Т.А. Гарупа навучаліся ў аспірантуры на кафедры Рыгора Аляксеевіча. Ад яго яны атрымалі каштоўныя навуковыя кансультацыі ў працэсе падрыхтоўкі дысертацыйных даследаванняў, заўсёды адчувалі клопат і падтрымку. Нядаўна адбылася абарона падрыхтаванай пад навуковым кіраўніцтвам Р.А. Васілевіча кандыдацкай дысертацыі В.В. Гурынай – выкладчыка, які працуе на ўмовах знешняга сумяшчальніцтва на кафедры грамадзянска-прававых дысцыплін юрыдычнага факультэта БрДУ.

Рыгор Аляксеевіч Васілевіч мае мноства ганаровых узнагарод і званняў. Вось толькі некаторыя: доктар юрыдычных навук, прафесар, Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі імя У.І. Пічэты. У 2005 г. ён быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі», у 2016 г. – нагрудным знакам «Ганаровы пракурор краін СНД», мае некалькі дзясяткаў ведамасных медалёў, нагрудных знакаў і ганаровых грамат.

Як аўтарытэтны навуковец і дасведчаны юрыст-практык, Р.А. Васілевіч выконвае вялікую грамадскую работу: ён з’яўляецца сябрам Савета па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і членам Навукова-кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

З моманту выбрання Канстытуцыйнай камісіяй (ліпень 1990 г.) і да сакавіка 1994 года Рыгор Аляксеевіч з’яўляўся яе членам, намеснікам кіраўніка рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі. Са студзеня 1997 года па студзень 2008 года з’яўляўся Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. У перыяд з 2008 па 2011 гады з’яўляўся Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь.

16 лістапада 2017 года Рыгор Аляксеевіч быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 1000 публікацый.

Пасля ўдзелу ў пасяджэнні Савета ўніверсітэта прафесар Р.А. Васілевіч прачытаў адкрытую лекцыю для выкладчыкаў і студэнтаў юрыдычнага факультэта.

Віншуем Рыгора Аляксеевіча і жадаем яму далейшых творчых поспехаў!

Дэканат юрыдычнага факультэта

Падзяліцца: