Тыдзень псіхалогіі ва ўніверсітэце

Кожны год ва ўніверсітэце апошні тыдзень лістапада традыцыйна прысвячаецца псіхалогіі. З 26 лістапада па 1 снежня выкладчыкамі кафедраў псіхалогіі, псіхалогіі развіцця і спецыялістамі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы былі арганізаваны і праведзены больш за 30 мерапрыемстваў.

Адкрыла Тыдзень псіхалогіі выстава псіхалагічнай літаратуры «У гармоніі з сабой і светам», арганізаваная бібліятэкай для студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта ў фае вучэбнага корпуса № 1. На выставе была прадстаўлена экспазіцыя навучальных і навуковых выданняў выкладчыкаў універсітэта і іншых беларускіх і замежных аўтараў па папулярнай псіхалогіі, псіхалагічнай дыягностыцы, карэкцыі, псіхалагічным кансультаванні і інш.

Значнымі агульнаўніверсітэцкімі мерапрыемствамі сталі семінары «Сацыяльна-педагагічнае і псіхалагічнае суправаджэнне адаптацыі студэнтаў першага курса да адукацыйнай прасторы ўніверсітэта» (пры ўдзеле намеснікаў дэканаў па выхаваўчай працы, куратараў навучальных груп, студэнтаў-куратараў), а таксама «Трывога і дэпрэсія: што рабіць?» (з запрашэннем доктара псіхіятра-нарколага, псіхатэрапеўта УАЗ «Брэсцкая абласная бальніца» К.В. Ніканчук).

Міжфакультэцкая віктарына «Што я ведаю пра псіхалогію?» аб’яднала ўдзельнікаў геаграфічнага, фізіка-матэматычнага і гістарычнага факультэтаў. Каманды былі ўзнагароджаны прызамі, падрыхтаванымі прафкамам студэнтаў універсітэта.

Псіхалагічную майстэрню «Даведайся пра сябе – зразумей іншых» наведалі студэнты, якія пражываюць у інтэрнаце № 1 студэнцкага гарадка. Навучэнцы змаглі прапрацаваць сістэму ўяўленняў пра сябе і сваё жыццё, навучыліся правільнай пастаноўцы кароткатэрміновых і доўгатэрміновых жыццёвых мэт.

Са студэнтамі 2-га курса факультэта замежных моў педагогам-псіхолагам была праведзена дыскусія «Любовь нечаянно нагрянет», дзе разглядаліся стадыі развіцця сямейных адносін. Студэнты ўявілі сябе ў ролі будучых мужа і жонкі, абмеркавалі важныя якасці мужа і жонкі.

Для жадаючых навучыцца тэхнікам зняцця напружання і эфектыўным метадам барацьбы са стрэсамі на базе інтэрната № 4 працаваў пакой рэлаксацыі «Аромафітатэрапія».

У рамках Тыдня псіхалогіі таксама прайшлі мерапрыемствы, арганізаваныя кафедрамі псіхалогіі і псіхалогіі развіцця (семінар «Актуальныя праблемы практычнага псіхолага», семінар-практыкум «"Усе хваробы ад нерваў"ці стрэсагенныя падзеі паўсядзённага жыцця як фактар псіхафізіялагічных парушэнняў», інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі? ў сацыяльнай псіхалогіі», круглы стол «Канфлікты ў розных сферах міжасобаснага ўзаемадзеяння», круглы стол «Дзіця і сям’я: узаемасувязь праблем пакаленняў» і многія іншыя), накіраваныя на развіццё прафесійнай самасвядомасці студэнтаў дапаможных прафесій.

Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба

Падзяліцца: