Студэнты БрДУ на абласным навагоднім балі

Пачатак мінулых выхадных быў адзначаны першым абласным навагоднім балем, які адбыўся ў ДУДА «Дзіцячая харэаграфічная школа мастацтваў імя В. М. Пагодзіна». У ім прынялі ўдзел 50 студэнтаў і школьнікаў, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, творчасці і спорце. БрДУ імя А. С. Пушкіна прадстаўлялі Мая Бабанава (сацыяльна-педагагічны факультэт), Анастасія Семянюк (біялагічны факультэт), Ілья Юзвук (гістарычны факультэт), Уладзіслаў Альшэўскі (юрыдычны факультэт).

Удзельнікаў балю вітаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк. Ён адзначыў, што гэты вечар стаў вечарам зараджэння выдатнай традыцыі – навагодняга балю для моладзевай эліты Брэстчыны. Генадзь Іосіфавіч пажадаў усім здароўя, шчасця, новых поспехаў у навуковай, творчай, спартыўнай дзейнасці, каб у будучыні годна працаваць на карысць Брэстчыны і краіны ў цэлым.

Лепшыя прадстаўнікі вучнёўскай і студэнцкай моладзі змянілі дзелавы стыль адзення на бальныя сукенкі і смокінгі і нібы перанесліся на некалькі стагоддзяў назад, калі правіў баль. На абласным балі нашы студэнты паказалі высокі ўзровень танцавальнага майстэрства. Навучэнцы БрДУ ганарліва ішлі падчас паланэза, лёгка круціліся ў віхуры вальса, нязмушана гулялі ў «Ручаёк».

Прыемным завяршэннем прыгожага вечара сталі фуршэт і ўручэнне навагодніх падарункаў усім удзельнікам.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: