Студэнтка фізіка-матэматычнага факультэта Карына Базан на Усерасійскім злёце студэнцкіх атрадаў у Маскве

25–27 кастрычніка студатрадаўцы і ветэраны студатрадаўскага руху сабраліся на Усерасійскім злёце студэнцкіх атрадаў у Маскве. Больш за 6 тысяч чалавек з 80 расійскіх рэгіёнаў, краін СНД і Балтыі сталі ўдзельнікамі гэтага форуму. У складзе дэлегацыі ад Брэсцкай вобласці студатрадаўскі рух нашага ўніверсітэта прадстаўляла студэнтка фізіка-матэматычнага факультэта Карына Базан – лепшы камандзір педагагічных атрадаў.

Злёт студатрадаў быў прымеркаваны да 60-годдзя руху і 15-годдзя з дня ўтварэння грамадскай арганізацыі «Расійскія студэнцкія атрады».

Ключавой падзеяй усяго форуму стала цырымонія адкрыцця, што праходзіла ў Дзяржаўным Крамлёўскім палацы з удзелам зорак расійскай эстрады. На плошчы насупраць навучальнага корпуса фізічнага факультэта МДУ імя М. В. Ламаносава адбылася ўрачыстая закладка памятнай пліты ў гонар 60-годдзя руху студэнцкіх атрадаў. На Вараб’ёвых гарах перад галоўным корпусам універсітэта на «спеўцы» сустрэліся больш за 2 тысячы студэнтаў, якія выканалі пад гітары вядомыя студэнцкія песні.

Для многіх студэнтаў, што прайшлі школу працоўнага лета, студатрадаўская загартоўка вызначае лад жыцця на многія гады. А набытыя сябры, мноства незабыўных эмоцый застаюцца назаўсёды!

Штаб працоўных спраў

Падзяліцца: