Стартавала рэспубліканская акцыя «Бяспека – у кожны дом!»

13 лютага 2020 года ў рамках другога этапу рэспубліканскай акцыі «Бяспека – у кожны дом!» інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Брэсцкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Алёна Генадзьеўна Мажэйка правяла ўрок асветы для студэнтаў установы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна».

Супрацоўнік МНС пазнаёміла прысутных з аператыўнай абстаноўкай на тэрыторыі г. Брэста і вобласці, расказала пра самыя распаўсюджаныя прычыны пажараў, а таксама нагадала алгарытм дзеянняў у надзвычайных сітуацыях. Пасля яе выступлення студэнтам было прапанавана праверыць веды, згуляўшы ў гульню «Дзе логіка?». Удзельнікі гульні актыўна адгадвалі тэматычныя рэбусы і за правільныя адказы атрымлівалі прыгожыя памяткі.

У завяршэнне мерапрыемства Алёна Генадзьеўна расказала пра мабільны дадатак «МНС Беларусі: Дапамога побач!» і нагадала пра нумары выкліку службы выратавання – 101 і 112. Ніхто з прысутных студэнтаў не застаўся па-за ўвагай: усім уручылі тэматычныя прызы і пажадалі ніколі не трапляць у надзвычайную сітуацыю.

Педагог сацыяльны
аддзела выхаваўчай працы з моладдзю І. А. Цярковіч

Падзяліцца: