Следчы камітэт вачыма студэнтаў-журналістаў

Навучанне будучых журналістаў праходзіць не толькі ў аўдыторыях філалагічнага факультэта. Правядзенне практычных і лабараторных заняткаў «на мясцовасці» актыўна практыкуецца кафедрай журналістыкі. 6 снежня супрацоўнікі ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці правялі вучэбна-інфармацыйныя заняткі для студэнтаў 5-га курса спецыяльнасці «Журналістыка (друкаваныя СМІ)» у рамках прадмета «Журналісцкае майстэрства. Майстар-класы».

Заняткі пачаліся з прэзентацыі перасовачнай крыміналістычнай лабараторыі. Намеснік начальніка крыміналістычнага аддзела, падпалкоўнік юстыцыі Мікалай Салдатаў расказаў пяцікурснікам пра абсталяванне, прызначэнне і магчымасці гэтага аўтамабіля, забяспечанага ўсім неабходным для працы на месцы здарэння, у тым ліку ў непагадзь, на аддаленых адлегласцях і нават на вадзе. Паводле слоў Мікалая Салдатава, крыміналістычная лабараторыя выязджае толькі на цяжкія злачынствы. Будучыя журналісты задавалі пытанні пра абсталяванне лабараторыі і парадак правядзення судова-медыцынскай экспертызы, а таксама праявілі ініцыятыву ўбачыць крыміналістаў у справе.

Паўтары гадзіны працягвалася сустрэча студэнтаў з начальнікам УСК па Брэсцкай вобласці, палкоўнікам юстыцыі Аляксандрам Рахманавым. Аляксандр Аляксандравіч расказаў аб структуры, функцыях і задачах ведамства, якое адзначыла сёлета сваё 5-годдзе. Ён падкрэсліў, што асноўная задача Следчага камітэта – абарона правоў і інтарэсаў грамадзян. Немалаважнай мэтай працы супрацоўнікаў ведамства з’яўляецца прадухіленне такіх выпадкаў, калі невінаваты чалавек аказаўся ўцягнутым у следчы працэс, а тым больш стаў перад судом. Будучыя журналісты цікавіліся зменамі, унесенымі ў Крымінальны кодэкс, прынцыпамі дзеяння закона, парадкам расследавання злачынстваў, а таксама пакараннямі, якія прадугледжаны за асобныя правапарушэнні. Аляксандр Рахманаў адказаў на пытанні студэнтаў з прыкладамі са следчай практыкі. На заканчэнне сустрэчы Аляксандр Аляксандравіч пажадаў будучым журналістам цярпення пры працы з органамі СК, так як супрацоўнікі ведамства ў інтарэсах следства могуць не выдаваць усёй інфармацыі (існуе такое паняцце, як «таямніца следства»). Да таго ж варта памятаць аб правах людзей, уцягнутых у ход следства, каб пазбегнуць выпадкаў, калі распаўсюджванне інфармацыі перашкаджае расследаванню. Пры гэтым было адзначана, што сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць значную ролю ў следстве, напрыклад, пры пошуку сведак злачынстваў.

Садзейнічанне ў правядзенні заняткаў аказала галоўны інспектар (па інфармацыі і сувязях з грамадскасцю) УСК, капітан юстыцыі Марына Дранькова. Важную інфармацыю студэнты атрымалі і ад супрацоўнікаў-практыкантаў Следчага камітэта, якія расказалі пра этапы крымінальнага працэсу і спецыфіку працы аддзелаў ведамства. Так, следчы па асабліва важных справах аддзела па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі, падпалкоўнік юстыцыі Віктар Шулькін расказаў аб парадку пошуку «без вестак зніклых» і аб дзеяннях супрацоўнікаў СК па забеспячэнні бяспекі грамадзян і грамадскай бяспекі. Старшы следчы аддзела лінейнага працэсуальнага кантролю ўпраўлення працэсуальнага кантролю УСК, маёр юстыцыі Раман Дзямчук засяродзіў увагу студэнтаў на правядзенні даследчых праверак і выездзе супрацоўнікаў на месца здарэння ў складзе следча-аператыўнай групы. Старшы лейтэнант юстыцыі Дзмітрый Іванюк патлумачыў спецыфіку расследавання крымінальных спраў, звязаных з дарожна-транспартнымі здарэннямі, расказаў пра віды злачынстваў супраць бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, а таксама пра асаблівасці правядзення следчых эксперыментаў. Напрыклад, для таго, каб узнавіць карціну ДТЗ, нярэдка прыходзіцца устройваць пастановачныя аварыі ў падобных умовах (у дождж, снег, ураган, у пэўны прамежак часу). Следчыя па асабліва важных справах, маёр юстыцыі Аляксандр Новік і капітан юстыцыі Раман Літвінчук, расказалі аб тым, якія меры стрымання практыкуюцца ў крымінальным працэсе, а таксама чаму людзей прыводзіць у замяшанне статус «падазраванага», чым адрозніваюцца эканамічныя і карупцыйныя злачынствы і як дзейнічаюць органы дазнання.

Студэнты-журналісты праявілі непадробную цікавасць да працы супрацоўнікаў УСК і выказалі жаданне працягваць супрацоўніцтва з імі.

Наталля Каўпанька,
студэнтка V курса спецыяльнасці «Журналістыка (друкаваныя СМІ)»

Фота Аліны Паўлюкавец

Падзяліцца: