«Сесія» здадзена: у БрДУ завяршылася «Арт-сесія-2017»

14 лістапада 2017 года адбыўся гала-канцэрт фестывалю творчасці першакурснікаў «Арт-сесія-2017». Рабяты адаптаваліся да студэнцкага жыцця, пасябравалі і ў поўнай меры раскрылі свае творчыя здольнасці. Іх песні, танцы, вершы і тэатральныя пастаноўкі на працягу ўсяго канцэрта дарылі ўсмешкі, станоўчыя эмоцыі і добры настрой усім гасцям свята. Завяршальным акордам мерапрыемства стала ўзнагароджанне пераможцаў.

У гэтым годзе лідарамі фестывалю сталі адразу два факультэты: сацыяльна-педагагічны і псіхолага-педагагічны. Лаўрэатам другой ступені стаў фізіка-матэматычны факультэт, а трэцяй – біялагічны.

Паколькі новыя члены нашай універсітэцкай сям’і таленавітыя і шматгранныя, журы вызначыла і пераможцаў у асобных намінацыях. Лепшымі ў «Тэатральным майстэрстве» сталі студэнты геаграфічнага факультэта Дар’я Бонк і Яўген Карасцялёў. У намінацыі «Вакал. Народныя спевы» перамагла Анастасія Пашкавец (філалагічны факультэт). У самай «шматлікай» намінацыі – «Эстрадны вакал» – вызначыліся адразу тры лідары: Паліна Коваль (факультэт фізічнага выхавання), Сафія Удовенка (фізіка-матэматычны факультэт) і Валерыя Ганусевіч (сацыяльна-педагагічны факультэт). Намінацыя «Арыгінальны жанр» дасталася студэнтам псіхолага-педагагічнага факультэта. Лепшымі ў «Мастацкім слове» сталі студэнты-філолагі: Гаўшут Суханбердыеў (як выканаўца) і Марыя Антонавіч (як аўтар). Першакурснікі гістарычнага факультэта атрымалі перамогу ў намінацыі «Музычна-гумарыстычны эцюд», а першымі ў «Музычна-харэаграфічнай кампазіцыі» сталі рабяты з факультэта замежных моў. Майстры «Канферансу» ў гэтым годе – Дар’я Жэмская (юрыдычны факультэт) і Мацвей Швед (гістарычны факультэт). Самымі танцуючымі прызнаны геаграфічны, фізіка-матэматычны і сацыяльна-педагагічны факультэты, якім пакарыліся намінацыі «Харэаграфія. Флэш-моб», «Харэаграфія. Бальны танец» і «Харэаграфія. Народны танец».

Віншуем пераможцаў з першымі дасягненнямі ва ўніверсітэцкім жыцці!

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: