Робін Гуд з нашага ўніверсітэта

18-21 студзеня ў лёгкаатлетычным манежы г. Брэста адбыўся 23 адкрыты рэспубліканскі турнір па стральбе з лука «Калядныя сустрэчы». Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў адбылося 18 студзеня. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 80 спартсменаў з усіх абласцей Беларусі. Сярод выступоўцаў былі як члены нацыянальнай зборнай, так і перспектыўны спартыўны рэзерв. Спаборніцтвы праходзілі ў асабістым і камандным заліку і з’яўляліся адборачнымі да чэмпіянату рэспублікі. Для напрацоўкі вопыту і спаборніцкай практыкі ў Брэст упершыню прыехалі лучнікі з Казахстана – лепшыя спартсмены сваёй краіны, якія ствараюць годную канкурэнцыю не толькі беларускім атлетам, але і сваім сапернікам на спаборніцтвах еўрапейскага і сусветнага ўзроўню.

На гэтым турніры студэнт 1-га  курса факультэта фізічнага выхавання нашага ўніверсітэта Калядзіч Мікіта ў напружанай барацьбе заняў 3-е месца сярод юніёраў і 2-е месца ў складзе каманды «БОКЦР-1» у практыкаванні «МІКСТ».

Дарэчы, Мікіта з’яўляецца пастаянным прызёрам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, што сведчыць аб вялікім патэнцыяле нашага маладога спартсмена.

Мы ад усёй душы віншем Мікіту з чарговай перамогай
і жадаем яму вялікіх спартыўных поспехаў у будучыні!!!

Спартыўны клуб

Падзяліцца: