Рэспубліканская ўніверсіяда па бадмінтоне

У перыяд з 13 па 16 сакавіка ў Мінску ў спецыялізаванай зале ГА «Беларуская федэрацыя бадмінтона» прайшлі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды–2018 па бадмінтоне. У турніры прынялі ўдзел зборныя каманды студэнтаў з 16 устаноў вышэйшай адукацыі. Кожная каманда складалася з чатырох спартсменаў – двух юнакоў і дзвюх дзяўчат. У праграму спаборніцтваў універсіяды па бадмінтоне, які, дарэчы, з’яўляецца адным з трох самых цяжкіх па фізічных нагрузках гульнявых відаў спорту, уваходзілі спаборніцтвы ў адзіночных катэгорыях сярод мужчын, адзіночных катэгорыях сярод жанчын, парных катэгорыях і мікстах.

Бадмінтон стаў алімпійскім відам спорту ў 1992 годзе. Упершыню ў праграму Рэспубліканскай універсіяды ён быў уключаны ў 2015 годзе, але тады з-за адсутнасці спартсменаў па гэтаму віду спорту наш універсітэт каманду не выстаўляў. У 2016 годзе няпоўная каманда нашага ўніверсітэта заняла ганаровае 4-е месца сярод устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.

У гэтым годзе каманду нашага ўніверсітэта прадстаўлялі:

  • Вярбіцкая Мар’яна, майстар спорту (факультэт фізічнага выхавання, 3 курс);
  • Кузьміцкі Дзмітрый, майстар спорту (факультэт фізічнага выхавання, 2 курс).

Па выніках спаборніцтваў рабяты перамаглі ў сваіх адзіночных разрадах, а таксама падняліся на найвышэйшую прыступку п’едэстала гонару ў міксце.

Мы ад усёй душы жадаем рабятам поспехаў і далейшых перамог на спаборніцтвах!!! Малайцы!!!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: