Рэгіянальная навукова-багаслоўская студэнцкая канферэнцыя «Георгій (Каніскі) у канфесійнай гісторыі Беларусі»

26 сакавіка 2018 г. адбылася Рэгіянальная навукова-багаслоўская студэнцкая канферэнцыя «Георгій (Каніскі) у канфесійнай гісторыі Беларусі». Яе арганізатарамі выступілі кафедра гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А.С. Пушкіна і Брэсцкая епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы. Актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве прынялі студэнты-рэлігіязнаўцы гістарычнага факультэта, а таксама выкладчыкі, царкоўна- і свяшчэннаслужыцелі.

Вядучы пленарнага пасяджэння – загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч – адзначыў навуковую і грамадскую значнасць тэматыкі канферэнцыі. Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан у прывітальным слове заклікаў да сумеснага пошуку аб’ектыўнай гістарычнай ісціны.

Асноўнае месца ў працы канферэнцыі занялі даклады аб архіепіскапе Георгіі (Каніскім) (1717–1795 гг.): Антона Лазара (аб жыццёвым шляху свяціцеля), Мікалая Чаркасюка (аб яго казаннях, філасофскіх і багаслоўскіх працах), Ягора Ткачэнкі (аб становішчы праваслаўных у Рэчы Паспалітай у ХVIII ст.), Аляксандры Ярашэнкі (аб вывучэнні жыцця і дзейнасці архіепіскапа). Мітрапаліту Іосіфу (Сямашка) (1798–1868 гг.), год памяці якога адзначаецца у 2018 г. у Беларускай Праваслаўнай Царкве, былі прысвечаны даклады Уладзіслава Гуміна, Міхаіла Старасціна. Была разгледжана і дзейнасць паплечнікаў мітрапаліта – архіепіскапаў Васілія (Лужынскага) (Уладзіслаў Місірук), Антонія (Зубко) (Ганна Рыбчук). Праблематыка гісторыі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. быў закранута Марынай Скавародкай (пра ўзаемаадносіны Мікалая ІІ з Рускай Праваслаўнай Царквой), Арцёмам Гудачом (аб праваслаўным ваенным духавенстве). Гісторыя, культура, рэлігія Брэстчыны закраналася ў шэрагу дакладаў: Андрэя Міхнюка (аб Макарыі, ігумене Пінскім і Камянецкім), Андрэя Расохіна (аб праваслаўных храмах в. Блудзень (Першамайскае) Бярозаўскага раёна), Іны Сярэдзіч (аб праваслаўных прыходах на Піншчыне ў 1921–1939 гг.), Крысціны Касянюк (пра ўзаемаадносіны праваслаўных і пратэстантаў у Брэсцкім павеце). Актуальныя праблемы выклалі ў сваіх выступленнях Таццяна Чайчыц (пра традыцыі святкавання Раства), Наталля Калчук (аб забабонах у вясельнай абраднасці), Кацярына Букса (пра распаўсюджанне неаязычніцтва). Сучаснае царкоўна-прыхадское жыццё было прааналізавана Кірылам Панашчуком (аб рэлігійна-маральным выхаванні ў Брэсцкай епархіі) і Мікалаем Лагодзічам (аб нядзельнай школе). Усе даклады студэнтаў выклікалі ажыўленую цікавасць прысутных, суправаджаліся дыскусіяй.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: