Рауль Алонса і Себасцьян Салват у БрДУ імя А.С. Пушкіна

Сустрэча студэнтаў БрДУ імя А.С. Пушкіна з галоўным трэнерам Брэсцкага гандбольнага клуба “Мяшкоў БрэстРаулем Алонса і яго памочнікам Себасцьянам Салватам адбылася 26 мая. Яна арганізавана загадчыкам кафедры замежных моў Ларысай Максімук.

Асаблівасць мерапрыемства – у шматмоўнасці. Рауль Алонса і Себасцьян Салват валодаюць іспанскай, нямецкай і англійскай мовамі, круху гавораць на рускай. Пераклад з англійскай і нямецкай моў ажыццяўлялі студэнты факультэта замежных моў Ганна Свекла, Ліна Барысевіч, Надзея Валюкевіч, Дар’я Кавальчук і Кацярына Пашкевіч, а калі гучала іспанская мова, моўны бар’ер здымала студэнтка факультэта фізічнага выхавання Вікторыя Сімановіч. Як расказала Ларыса Міхайлаўна, сустрэча наладжана, каб пазнаёміць студэнтаў з цікавымі асобамі, а таксама для моўнай практыкі.

Гасцям задавалі пытанні пра выбар прафесіі, пра кар’еру і сям’ю. Рауль Алонса расказаў, што ў дзяцінстве хацеў запісацца на футбол, але спецыялісты параілі яму заняцца гандболам. А яшчэ планаваў стаць выкладчыкам вышэйшай школы, цікавіўся марской біялогіяй.

Студэнты распыталі гасцей пра спартыўны комплекс “Вікторыя”, працу ў Брэсце і “дух” прыхільнікаў гандбола. Даючы адказ, Рауль Алонса і Себасцьян Салват высока ацанілі ўмовы, створаныя для спартсменаў у нашым горадзе. На іх думку, у абласным цэнтры добрая база, мэтанакіраваныя ігракі і граматная праца трэнераў дазволіла паказаць свету, што ў Брэсце моцная гандбольная каманда.

А яшчэ з вуснаў студэнтаў прагучалі пытанні пра беларускую нацыянальную кухню, жанчын-спартсменаў, захапленні, асабістае жыццё і планы. Адказваючы на апошняе пытанне, Рауль Алонса і Себасцьян Салват зазначылі, што возьмуць кароткую паўзу, каб адпачыць, таму што сезон быў складаным, а пасля працягнуць працаваць ужо ў Германіі. Падзяліліся яны і сакрэтам поспеху – верыць у каманду і быць самім сабой.

Пасля гутаркі якая прайшла ў цёплай, душэўнай атмасферы, студэнтка сацыяльна-педагагічнага факультэта Яўгенія Шчэрба выканала раманс “Дарогай доўгаю” на рускай і іспанскай мовах, што стала прыемным сюрпрызам для гасцей. На памяць пра сустрэчу ім уручылі сувеніры, пра якія паклапаціўся аддзел выхаваўчай працы з моладдзю. Падводзячы вынікі сустрэчы, Рауль Алонса і Себасцьян Салват падзякавалі Ларысе Максімук за прыемную  сустрэчу. Яны пажадалі студэнтам заўсёды з аптымізмам ісці наперад, смела пераадольваць перашкоды і ніколі не апускаць рукі, бо ў жыцці надзвычай важна стаць самадастатковымі людзьмі. Трэнеры з задавальненнем сфатаграфаваліся з усімі, хто пажадаў.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: