Прафесійны дыялог: сустрэча з Паўлам Сухарукавым

Дырэктар-галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў сустрэўся са студэнтамі філалагічнага факультэта 24 кастрычніка ў Рускім цэнтры БрДУ імя А. С. Пушкіна.

Яго выступленне пачалося са знаёмства прысутных з холдынгам «Звязда», яго гісторыяй. Дарэчы, выдавецкі дом рыхтуе да выпуску 12 перыядычных выданняў. Сярод іх – 3 газеты («Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы»), 7 часопісаў («Маладосць», «Полымя», «Вожык», «Родная прырода», «Беларусь», «Алеся»). Павел Якаўлевіч адзначыў, што наклады друкаваных выданняў знізіліся, але ён упэўнены: гэты від сродкаў масавай інфармацыі будзе «жыць» доўга. «Калі людзі не купляюць газеты і не глядзяць тэлевізар, гэта не значыць, што яны сталі менш чытаць», – адзначыў Павел Сухарукаў.

Былі закрануты і праблемы інтэрнэту, даступнасці інфармацыі, зруху і трансфармацыі журналісцкіх жанраў, рэкламы. Павел Якаўлевіч расказаў аб СМІ замежжа, супрацоўніцтве з расійскімі, кітайскімі выданнямі. Ён адказаў на традыцыйнае пытанне, якое цікавіць многіх: чаму «Звязда», а не «Зорка»? «Спачатку газета выдавалася на рускай мове першыя 10 гадоў. Праўда, некаторыя нумары былі на беларускай, польскай і яўрэйскай мовах. У 20-я гады ХХ стагоддзя газета «загаварыла» на беларускай мове. Яна выходзіла і ў гады Вялікай Айчыннай вайны», – падзяліўся журналіст.

Рэдактар адкрэсліў, што моладзь як надзея нашай краіны павінна атрымаць добрую адукацыю, імкнуцца да самаразвіцця, раскрыцця талентаў. Гэта гарантуе росквіт дзяржавы.

Сустрэча стала важнай, патрэбнай, своечасовай перш за ўсё для студэнтаў выпускнога курсу.

Студэнты высока адгукаюцца пра праведзеную сустрэчу.

Кацярына Алесіюк, студэнтка 2-га курса:

– Зацікавіць аўдыторыю і адцягнуць ад гаджэтаў – прыкмета добрай дыскусіі. Гэта ў Паўла Якаўлевіча атрымалася! Мы занадта захоплена «завісаем» у Інтэрнэце, таму друкаваныя СМІ адыходзяць на другі план. Сёння для мяне адкрыўся новы бок журналістыкі. Я даведалася пра гісторыю газеты «Звязда» і была ўражана ёю. Хачу падпісацца на беларускія часопісы.

Зарана Ярмалюк, студэнтка 3-га курса:

– Сустрэча была цікавая і актуальная. У свеце, калі інфармацыі шмат, складана знайсці нешта карыснае. Цудоўна, што ў нас у краіне так шмат выданняў на беларускай мове. Было цікава даведацца пра меркаванне кампетэнтнага спецыяліста пра сучасныя блогеры. Спадабалася, што Павел Якаўлевіч цёпла адгукаецца аб нашай будучай прафесіі.

Серафім Бярнацкі, студэнт 2-га курса:

– Было прыемна пагутарыць на розныя тэмы з такім чалавекам, як Павел Якаўлевіч Сухарукаў, даведацца пра яго меркаванне аб сучасных публіцыстах, пісьменніках. Такая сустрэча карысная для філалагічнай супольнасці.

Ірына Шлойда, спецыяліст Рускага цэнтра
Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя А. С. Пушкіна

Падзяліцца: