Першынства ўніверсітэта па валейболе сярод жаночых каманд

З 27 лістапада па 11 снежня зала № 1 спартыўнага комплексу Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна прымала гульні ўніверсітэцкага першынства па валейболе сярод жаночых каманд.

Агульнае кіраўніцтва арганізацыяй і правядзеннем спаборніцтваў ажыццяўлялі спартыўны клуб і кафедра фізічнай культуры. Непасрэднае правядзенне першынства ўскладалася на галоўную судзейскую калегію, якую ўзначалілі намеснік дэкана па фізічнай культуры і спорце гістарычнага факультэта Самайлюк Таццяна Анатольеўна (галоўны суддзя) і намеснік дэкана па фізічнай культуры і спорце факультэта замежных моў Сулейманава Марына Іосіфаўна (галоўны сакратар).

У спаборніцтвах прымалі ўдзел зборныя каманды ўсіх дзесяці факультэтаў універсітэта. У склад кожнай каманды ўваходзілі 12 прадстаўніц прыгожага полу.

Спаборніцтвы праводзіліся па падгрупах. На першым этапе спаборніцтваў каманды былі падзелены згодна з жараб’ёўкай на падгрупы «А» і «Б», і гулялі па кругавой сістэме. Дзве самыя моцныя каманды з кожнай падгрупы прайшлі ў другі этап і ўтварылі фінальную групу. За перамогу камандзе налічваецца 2 ачкі, за паражэнне – 1 ачко, за няяўку каманда здымалася са спаборніцтваў. Аднолькавая колькасць ачкоў у дзвюх каманд давала перавагу пераможцу сустрэчы паміж імі. Пры роўнасці ачкоў у трох і больш каманд пераможца вызначаўся па лепшай розніцы выйграных і прайграных партый (па суадносінах партый) сярод каманд, што спрачаліся.

За амаль два тыдні напружанай барацьбы судзейскі корпус абслужыў 27 гульняў. Але ўсё калі-небудзь сканчаецца, і 11 снежня прайшла ўрачыстая цырымонія закрыцця першынства ўніверсітэта па валейболе.

Тройка прызёраў выглядала так:

  • І  месца – факультэт фізічнага выхавання,
  • II месца – фізіка-матэматычны факультэт,
  • III месца – гістарычны факультэт.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі ўніверсітэта і салодкімі прызамі ад прафсаюзнага камітэта студэнтаў.

Да новых сустрэч, сябры!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт),
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: