«Павер у сябе»: у БрДУ выбралі студэнта года

22 снежня адбыўся XVII агульнаўніверсітэцкі конкурс «Павер у сябе – 2016!» на званне «Студэнт года». За перамогу змагаліся дзесяць удзельнікаў ад дзесяці факультэтаў. З прывітальным словам да іх звярнуўся першы прарэктар БрДУ імя А.С. Пушкіна Сяргей Андрэевіч Марзан.

Сем разоў сэрцабіццё ўдзельнікаў пачашчалася – сем этапаў турніру, сем цяжкіх выпрабаванняў склалі яго шматгранную і разнапланавую праграму.

Першай прыступкай конкурсу стала самапрэзентацыя «Мая шчаслівая зорка». Поспехі і дасягненні, жыццёвыя прынцыпы, погляды, перакананні і прафесійнае крэда – студэнты адкрыта расказалі пра сябе і сваю дзейнасць.

Тэме сям’і быў прысвечаны этап творчых практыка-арыентаваных ідэя-праектаў. Удзельнікі конкурсу паказалі праекты ў разрэзе канкрэтных праблемных палёў: адны студэнты гаварылі пра шматдзетныя няпоўныя сем’і, другія – пра студэнцкія сем’і, трэція даследавалі праблемы інтэрнацыянальных сем’яў. У якасці дамашняга задання па матывах ідэя-праектаў канкурсанты распрацавалі сацыяльныя відэаролікі.

Яшчэ адным дамашнім заданнем стала падрыхтоўка выступлення агітбрыгады. Студэнтам на этапе «Майстар-клас ад нас!» трэба было раскрыць у нумары-мініяцюры перавагі і перспектывы факультэта або спецыяльнасці, у чым ім дапамагалі аднакурснікі.

Студэнт – гэта ў першую чаргу інтэлектуал і эрудыт, а ўжо потым творчая асоба. У конкурсах «Тры аргументы: за ці супраць» і «Studiosus сапіенс» ацэньваліся разумовыя здольнасці ўдзельнікаў турніру і шырыня іх кругагляду.

Згуртаванасць і ўменне працаваць у камандзе студэнты прадэманстравалі падчас сумеснага творчага нумара – танцавальнага падарожжа па розных краінах. Гэтае яркае, вясёлае і дынамічнае выступленне стала фінальным акордам конкурсу.

Пасля абмеркавання ўсіх выступленняў кампетэнтнае журы, якое складалася з намеснікаў дэканаў па выхаваўчай працы ўсіх факультэтаў, абвясціла вынікі конкурсу. «Студэнтам года» стала студэнтка другога курса фізіка-матэматычнага факультэта Яніна Прыбытка.

Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад універсітэта і прафсаюзнага камітэта БрДУ імя А.С. Пушкіна. Знайшлі сваіх уладальнікаў і спецыяльныя прызы ад спонсараў: рэстарана смачнай курачкі «KFC», салона прыгажосці «Вівасан», кінатэатра «Беларусь», люстранога лабірынта «Алиса в зазеркалье» і караоке-клубаў «Жэмчуг» і «Сола».

Таксама ўсе канкурсанты былі ўзнагароджаны ў розных намінацыях. «Лепшым ідэя-праектам» быў прызнаны праект студэнткі сацыяльна-педагагічнага факультэта Кацярыны Клімук. Уладальнікам намінацыі «Лепшы сацыяльны праект» стаў Уладзіслаў Бондар (філалагічны факультэт). «Шматграннай асобай» журы назвала Яну Безух – студэнтку факультэта замежных моў. Дар’я Петрушко (геаграфічны факультэт) стала пераможцам у намінацыі «Прыемнае знаёмства». Намінацыя «Эрудыт і інтэлектуал» дасталася Дар’і Казусік (гістарычны факультэт). У намінацыі «За вернасць абранай спецыяльнасці» лідарам стала студэнтка факультэта фізічнага выхавання Кацярына Лукашэнка. «Гарманічнай асобай» аказалася Ірына Баурына (юрыдычны факультэт), а «Годным пераемнікам» – Аксана Палячук (псіхолага-педагагічны факультэт). Намінацыю «За цэласнасць вобраза» атрымала студэнтка біялагічнага факультэта Маргарыта Сідарэвіч.

Удзельнікі конкурсу выказваюць падзяку аргкамітэту – за магчымасць праявіць сябе, і сваім групам падтрымкі – за дапамогу ў падрыхтоўцы да мерапрыемства.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: