Па старонках «Бібліямарафона-2019»

У Год малой радзімы многія з нас не раз задумваліся над тым, наколькі добра мы знаёмыя з гісторыяй родных месцаў. Даведацца больш пра Брэстчыну студэнтам і выкладчыкам універсітэта дапамаглі мерапрыемствы, якія прайшлі ў межах «Бібліямарафона-2019».

31 кастрычніка ў чытальнай зале бібліятэкі адбылася прэзентацыя кніг выкладчыкаў гістарычнага факультэта. Тысячагадоваму юбілею горада над Бугам прысвечана энцыклапедыя «Брэст. Брэст. Brest. 1000». Каардынатар праекта – загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Вабішчэвіч. Выданне падае гісторыю Брэста ад першага ўспаміну да сучаснага жыцця.

Месяцам раней Аляксандру Вабішчэвічу была ўручана падзяка Міністэрства інфармацыі. Дыпломамі Міністэрства інфармацыі ўзнагароджаны складальнікі кнігі Уладзімір Здановіч, Аляксандр Свірыд і Аляксандр Зданевіч.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў Аляксандр Савіч прадставіў вучэбна-метадычны комплекс «Сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае становішча ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гадах». Таксама загадчыкі кафедраў прэзентавалі вучэбныя выданні.

Завяршальным мерапрыемствам «Бібліямарафона-2019» стала літаратурна-творчая гасцёўня «Жыву, мой родны край, табою» з удзелам аб’яднанняў філалагічнага факультэта «Ветразь» і «Эпізод У-нескладовік» пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук, дацэнта Святланы Шчэрбы.

У час мерапрыемства гледачы дакрануліся не толькі да літаратурнай творчасці, але і фотамастацтва. Фотапрэзентацыя «Зямля, дзе ўтульна сэрцу» кіраўніка вучэбна-метадычнага аддзела Аляксандра Жукоўскага і сакратара ІПКіП Валянціны Здановіч перадала прыгажосці Брэстчыны.

«Бібліямарафон-2019», накіраваны на ўсведамленне важнасці кнігі і ведаў у жыцці чалавека, дазволіў студэнтам і работнікам універсітэта больш даведацца пра гісторыю любімага тысячагадовага Брэста.

Бібліятэка выказвае падзяку за супрацоўніцтва ў правядзенні «Бібліямарафона-2019» гістарычнаму і філалагічнаму факультэтам, сектару турызму, студэнцкаму клубу, цэнтру экалогіі, вучэбна-метадычнага аддзелу і Інстытуту павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

Бібліятэка

Падзяліцца: