Навучальны семінар «Асаблівасці міжкультурнай камунікацыі ў сучасным універсітэце»

22 кастрычніка 2019 года на базе нашага ўніверсітэта адбыўся навучальны семінар пад назвай «Асаблівасці міжкультурнай камунікацыі ў сучасным універсітэце». У яго рабоце прынялі ўдзел намеснікі дэканаў па выхаваўчай працы, куратары вучэбных груп, дзе навучаюцца замежныя студэнты, педагагічныя работнікі інтэрнатаў студэнцкага гарадка, спецыялісты аддзела выхаваўчай працы з моладдзю, аддзела міжнародных сувязяў, студэнцкага клуба. Арганізатарам мерапрыемства выступіў аддзел выхаваўчай працы з моладдзю.

З мэтай удасканалення сістэмы ўзаемадзеяння структурных падраздзяленняў універсітэта ў працы з замежнымі навучэнцамі на семінары сабралася больш за 40 спецыялістаў. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася кіраўнік аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Таццяна Мікалаеўна Кошык.

Праблемнае поле семінара ўключала такія аспекты, як: прававыя асновы заканадаўства па знаходжанні замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; асаблівасці сацыяльна-педагагічнага і псіхалагічнага суправаджэння замежных грамадзян, якія навучаюцца ў вышэйшай школе Рэспублікі Беларусь, перспектывы далейшых дзеянняў у дадзеным кірунку; абмеркаванне Палажэння аб парадку ўзаемадзеяння службовых асоб і структурных падраздзяленняў пры прыёме і навучанні замежных грамадзян ва Установе адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна». Гэтыя і іншыя пытанні асвятлілі ў сваіх выступленнях спецыяліст па міжнародных сувязях аддзела міжнародных сувязяў Аксана Іванаўна Астапчук, педагог-псіхолаг аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Ганна Паўлаўна Шывілька, кіраўнік аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Таццяна Мікалаеўна Кошык. Актыўны ўдзел у абмеркаванні таксама прынялі куратары навучальных груп, выхавальнікі студэнцкага гарадка.

Пры падвядзенні вынікаў удзельнікі семінара змаглі абмяняцца думкамі, выказаць адзін аднаму пажаданні і атрымаць практычныя рэкамендацыі па ўдасканаленні праварэалізавальнага працэсу ў выхаваўчай працы з замежнымі грамадзянамі.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: