Нашы студэнты на Рэспубліканскай універсіядзе па плаванні

З 11 па 14 лістапада 2017 г. у ДСВСУ «Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па водных відах спорту» прайшлі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды-2017 па плаванні. У спаборніцтвах прымалі ўдзел 26 вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны.

На працягу трох дзён юнакі і дзяўчаты спаборнічалі на наступных дыстанцыях: 50 м на спіне, 50 м батэрфляем, 50 м брасам, 50 м вольным стылем, 100 м на спіне, 100 м вольным стылем, 100 м батэрфляем, 100 м брасам, 200 м на спіне, 200 м вольным стылем, 200 м батэрфляем, 200 м брасам, 400 м вольным стылем, 800 м вольным стылем, комплекснае плаванне (батэрфляй, на спіне, брас, вольны стыль) 200 м і 400 м, эстафетнае плаванне 4*100 м (комплекснае плаванне), эстафетнае плаванне 4*100 м вольным стылем.

Па выніках спаборніцтваў наш універсітэт заняў чацвёртае месца, саступіўшы камандам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Асабліва хочацца адзначыць заслугі нашых рабят, якія не раз падняліся на п’едэстал гонару ўніверсіяды. Так, тры разы падымалася на яго другую прыступку студэнтка 3-га курса факультэта фізічнага выхавання Юлія Лемке, а студэнт 2-га курса гэтага ж факультэта Сяргей Гулецкі стаў сярэбраным і бронзавым прызёрам спаборніцтваў. Удалы дэбют на ўніверсіядзе атрымаўся ў студэнткі 1-га курса факультэта фізічнага выхавання Кацярыны Васько: два разы яна ганаравалася сярэбранай узнагародай і адзін раз – бронзавай. Свой уклад у медальную скарбонку каманды ўнёс і выпускнік нашага ўніверсітэта Уладзімір Сяргееў, які стаў пераможцам, сярэбраным і бронзавым прызёрам спаборніцтваў.

Пажадаем жа нашым рабятам яркіх спартыўных поспехаў на будучых спаборніцтвах!!!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: