Наймудрэйшая з усіх прафесій з назвай гордай – педагог!

23 мая 2019 года на псіхолага-педагагічным факультэце прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу навуковых праектаў «Адкрываючы свет педагагічнай прафесіі», арганізатарам якога выступіла кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання. Конкурс праводзіўся сярод вучняў 10–11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Брэсцкай вобласці з мэтай папулярызацыі прафесіі педагога, а таксама для выяўлення і падтрымкі навучэнцаў, арыентаваных на атрыманне педагагічнай прафесіі.

Удзельнікі расказвалі аб слаўных педагагічных сем’ях, чыя працоўная дзейнасць была прысвечана педагогіцы, аб дзіўным педагагічным вопыце, набытым на працягу некалькіх пакаленняў; вывучалі асаблівасці ўяўленняў настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў аб іміджы настаўніка; падалі сваё бачанне будучай школы; разважалі аб павышэнні прэстыжу педагагічнай адукацыі; гаварылі аб павышэнні пазнавальнай цікавасці вучняў праз выкарыстанне на ўроках IT-тэхналогій і інш.

Ацэнка конкурсных матэрыялаў ажыццяўлялася па такіх крытэрах, як актуальнасць і значнасць тэмы, глыбіня даследавання праблемы, выразнасць выкладу ўласных думак, яркасць ідэі і арыгінальнасць яе ўвасаблення, якасць афармлення тэксту работы і прэзентацыі.

Дыпломам I ступені адзначана вучаніца 10-га класа ДУА «Ліцэй г. Жабінкі» Соф’я Санюк (навуковы кіраўнік праекта – намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Л. Я. Прановіч).

Дыплом II ступені атрымала вучаніца 10-га класа ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В. І. Хована» Дар’я Жаркова (навуковы кіраўнік праекта – галоўны архітэктар Брэсцкая вобласці А. У. Жаркоў).

Дыпломамі III ступені ўзнагароджаны вучаніца 10-га класа ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Брэста» Юлія Навуменка (навуковы кіраўнік праекта – настаўнік рускай мовы і літаратуры Ж. І. Бадрэўская) і вучаніца 11-га класа ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В. І. Хована» Юлія Дораш (навуковы кіраўнік – намеснік дырэктара па вучэбнай працы А. М. Агеевец).

Пераможцы конкурсу выступілі на пленарным пасяджэнні IV Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Крок у навуку» з публічнай прэзентацыяй сваіх навуковых праектаў.

Выказваем словы ўдзячнасці ўсім удзельнікам конкурсу за цікавыя, творчыя працы, кіраўнікам праектаў – за працу і веру ў поспехі вучняў, бацькам – за разуменне і падтрымку.

Жадаем пераможцам і ўсім удзельнікам конкурсу поспехаў на бясконцым шляху пазнання, правільнага выбару будучай прафесіі! Выказваем надзею, што цікавасць да педагагічнай прафесіі ва ўдзельнікаў конкурсу не згасне, і мы ўбачым іх сярод студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання

Падзяліцца: