Круглы стол «Асаблівасці Стратэгіі развіцця дзяржаўнай моладзевай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2020–2030 гг.»

23 кастрычніка 2019 года на базе нашага ўніверсітэта адбыўся круглы стол «Асаблівасці Стратэгіі развіцця дзяржаўнай моладзевай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2020–2030 гг.». У яго рабоце прынялі ўдзел загадчыкі кафедраў сацыяльна-гуманітарнага профілю, спецыялісты аддзела выхаваўчай працы з моладдзю, лідары моладзевых грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, студэнцкага самакіравання. Арганізатарам мерапрыемства выступіў аддзел выхаваўчай працы з моладдзю.

З мэтай актыўнага абмеркавання праекта Стратэгіі развіцця дзяржаўнай моладзевай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2020–2030 гг., выпрацоўкі агульнага меркавання па змястоўнай і структурнай насычанасці праекта Стратэгіі, а таксама прапаноў па ўнясенні дапаўненняў у гэты дакумент разам сабраліся каля 40 педагогаў і студэнцкіх лідараў.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў круглага стала звярнулася прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Васільеўна Сакалова.

Праблемнае поле сустрэчы акрэсліла кіраўнік аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Таццяна Мікалаеўна Кошык.

Выразныя і аргументаваныя прапановы ў праект Стратэгіі выказаў старшыня прафсаюзнага камітэта студэнтаў Раман Валянцінавіч Чуль. Загадчыкі кафедраў падзяліліся вынікамі абмеркавання праектнага дакумента на пасяджэннях кафедраў, выказалі канструктыўныя прапановы па ўнясенні дапаўненняў і карэкціровак у розныя раздзелы абмяркаванага праекта. Старшыня студэнцкага самакіравання ўніверсітэта Дзмітрый Туцкі агучыў прапановы ад лідараў студэнцкага самакіравання факультэтаў і выказаў падзяку вопытным педагогам за актыўны і зацікаўлены ўдзел у стварэнні важнага для моладзі дакумента.

Выказаныя шматлікія прапановы ўсіх удзельнікаў закранаюць інтарэсы не толькі студэнцкай, але і працоўнай моладзі і будуць накіраваны ў РІВШ для далейшай апрацоўкі экспертамі.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: