Конкурс па міжнародным публічным праве імя Ф. Джэсапа-2017

27-29 студзеня 2017 г. у Мінску прайшоў Беларускі Нацыянальны адборачны раўнд конкурсу па міжнародным публічным праве імя Ф. Джэсапа. У гэтым годзе для ўдзелу ў самым прэстыжным студэнцкім конкурсе па міжнародным праве было зарэгістравана 9 каманд з розных ВНУ краіны. У вусных раўндах за права прадстаўляць Беларусь на конкурсе змагаліся каманды Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, факультэта міжнародных адносін БДУ і юрыдычнага факультэта БДУ. Пераможца адборачнага раўнда будзе прадстаўляць нашу краіну ў Вашынгтоне (ЗША).

Конкурс імя Ф. Джэсапа – гэта міжнароднае спаборніцтва ў форме гульнявога судовага працэсу. Студэнты-юрысты выступаюць на конкурсе ў ролі адвакатаў, прадстаўляючы вусныя і пісьмовыя пазіцыі сваіх кліентаў (дзяржаў) у Міжнародным Судзе ААН па выдуманай, але часта заснаванай на рэальных падзеях, спрэчцы. Тэматыка заданняў гэтага года – права на ваду, правы бежанцаў і мігрантаў, ахова сусветнай культурнай спадчыны і культурных каштоўнасцей.

Адміністратарам Беларускага Нацыянальнага адборачнага раўнда конкурсу з 2015 г. з’яўляецца Асацыяцыя міжнароднага права і арбітражу (BILA) (Мінск, Беларусь). Суддзямі ў гэтым годзе выступілі вядомыя юрысты-практыкі і навукоўцы з ЗША, Вялікабрытаніі, Эстоніі, Расіі і Рэспублікі Беларусь.

Гонар юрыдычнага факультэта нашага ўніверсітэта абаранялі: Сяргей Шукала (магістрант), Вікторыя Шваб (5 курс), Аліса Грэчына (3 курс), Міхаіл Саўчук (3 курс) і Арцём Юрашэвіч (3 курс). Трэнерам каманды выступіла намеснік дэкана па вучэбнай працы Сліўко Вольга Якаўлеўна.

Нашы выступоўцы ў гэтым годзе даказалі сваё права называцца лепшай рэгіянальнай камандай. Па выніках конкурсу мы занялі ганаровае 3-е месца, саступіўшы пальму першынства юрыдычнаму факультэту БДУ (1-е месца) і факультэту міжнародных адносін БДУ (2-е месца). Наша каманда атрымала тры спецыяльныя ўзнагароды: «Best Regional Team», «Jessup Spirit» і «Moot Court Inspiration».

Віншуем прызёраў!

Сліўко В.Я.,
намеснік дэкана юрыдычнага факультэта па вучэбнай працы,
старшы выкладчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін

Падзяліцца: