Феерыя шчырасці і запалу: студэнты БрДУ на «АРТ-вакацыях»

Абласны этап рэспубліканскага агляд-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў вышэйшай адукацыі «АРТ-вакацыі» адбыўся 26 сакавіка 2018 г. пад дэвізам «Моладзь і творчасць – гісторыя будучыні». Конкурс праходзіў на некалькіх пляцоўках, адной з якіх стаў Цэнтр моладзевай творчасці, дзе перад журы выступілі студэнты БрДУ і БрДТУ.

Праграма агляд-конкурсу атрымалася насычанай: яна ўключала каля дваццаці творчых нумароў, якія былі паказаны ў трох залах. Лепшыя студэнты двух універсітэтаў рэгіёна праявілі сваё майстэрства ў інструментальнай, вакальна-харавой, фальклорна-этнаграфічнай, харэаграфічнай, цыркавой, дэкаратыўна-прыкладной і тэатральнай творчасці, у арыгінальным жанры, а таксама паказалі сябе ў конкурсах «PRO-вакацыі» і «Рэцытацыя».

Выступленні студэнтаў нашага ўніверсітэта, прыгожых, разумных, мэтанакіраваных, захопленых, чый талент, чыя творчасць дапамагаюць зразумець сэнс і цану жыцця, былі адзначаны бурнымі апладысментамі з боку гледачоў. Асабліва ім спадабаліся выступленні Ксеніі Пухнарэвіч і Вольгі Маразюк, якія з запалам выканалі душэўную кампазіцыю «Давайце сабярэмся разам», вакальнага трыа «Рух». Бездакорным, праніклівым вакалам скарыла ўсіх Яніна Гац з песняй «Месяц май». Нікога не пакінула абыякавымі жыццесцвярджальная кампазіцыя «Лепшае чакае нас наперадзе» ў выкананні эстраднай студыі «Прыступкі». Таксама нашы студэнты здзіўлялі глядачоў танцавальным, акцёрскім майстэрствам і спартыўна-акрабатычным эцюдам.

Артысты-пераможцы гэтага этапу прымуць удзел у фінале рэспубліканскага фестывалю «АРТ-вакацыі». Пакуль невядома, творчасць якіх менавіта студэнтаў пакарыла членаў журы. Але можна цвёрда сказаць, што ў фінал конкурсу пройдуць студэнты, чые нумары былі самымі шчырымі і запальнымі, бо адкрытасць душы, творчы азарт і, вядома, любоў да мастацтва і ёсць сэрца фестывалю «АРТ-вакацыі».

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: