Дружна крочым дарогай адкрыццяў

«Дружна крочым дарогай адкрыццяў» – пад такім дэвізам адбылося пасвячэнне першакурснікаў нашага ўніверсітэта ў студэнты ў цэнтры моладзевай творчасці 17 верасня.

Рэктар універсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Сендзер звярнулася да галоўных герояў свята з пажаданнем. Ганна Мікалаеўна адзначыла, што студэнцтва стане адной з самых яркіх старонак у жыцці першакурснікаў, і выказала ўпэўненасць у тым, што ў БрДУ рабяты будуць займацца не толькі вучэбнай і навукова-даследчай дзейнасцю, але і абавязкова знойдуць справу па душы ў творчых студыях і ў спартыўных секцыях.

Разнажанравы канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі старэйшых курсаў, уключаў вакальныя, танцавальныя і спартыўныя нумары. Кампанію вопытным артыстам БрДУ склалі і першакурснікі. Яны выйшлі на сцэну з танцавальным і сольным нумарамі.

У разнастайнасці сольных і масавых выступаў асаблівую цікавасць у першакурснікаў выклікаў нумар «Партрэты»: лідары студэнцкага самакіравання ў арыгінальнай форме пазнаёмілі новых членаў нашай дружнай універсітэцкай сям’і з рэктаратам, дэканамі і кіраўнікамі некаторых структурных падраздзяленняў і аб’яднанняў нашага ўніверсітэта.

Кульмінацыяй прысвячэння традыцыйна стала клятва першакурснікаў. Самыя юныя студэнты паабяцалі старанна вучыцца, паспяхова здаваць сесіі і годна несці званне студэнта, бо ўпэўненыя, што паспяховая вучоба – шлях да станаўлення асобы як высокакваліфікаванага спецыяліста.

Фінальны акорд вечара-прысвячэння – жыццесцвярджальная песня «Лепшае чакае нас наперадзе». Першакурснікі натхніліся яркай канцэртнай праграмай, пераканаліся ў правільнасці выбару вышэйшай навучальнай установы і ўпэўнена працягнулі шлях адкрыццяў на шляху да новых перамог.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: