Дарогай адзінства да вяршыняў ведаў

Урачыстая лінейка для першакурснікаў “Дарогай адзінства да вяршыняў ведаў” прайшла 1 верасня ў БрДУ імя А. С. Пушкіна. У гэты дзень часткай універсітэцкай сям’і стала больш за 1000 студэнтаў. Пачынаць шлях да засваення прафесій ім пашчасціла ў знакавы для кожнага беларуса год – Год народнага адзінства.

Мерапрыемства традыцыйна пачалося з выканання Гімна Рэспублікі Беларусь. Ганаровае права ўнесці сцяг універсітэта пад гукі гімна БрДУ імя А. С. Пушкіна атрымалі студэнтка першага курса факультэта замежных моў Юлія Кавалеўская, уладальнік дыплома I ступені заключнага этапа Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, прызёр міжнароднай алімпіяды па філасофіі, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, і студэнт першага курса факультэта фізічнага выхавання і турызму Іван Адамчук, майстар спорту Рэспублікі Беларусь па плаванні, член нацыянальнай зборнай Беларусі ў асноўным складзе, пераможца чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, фіналіст першынства Еўропы.

Першакурснікаў вітала рэктар Ганна Сендзер. Ганна Мікалаеўна адзначыла, што маладыя людзі ўліліся ў вялікую дружную ўніверсітэцкую сям’ю, якая характарызуецца адзінствам і згуртаванасцю. У БрДУ імя А. С. Пушкіна створаны ўмовы не толькі для прафесійнага станаўлення студэнтаў, але і для развіцця іх творчых здольнасцей. Ганна Сендзер запэўніла першакурснікаў у тым, што цеснае ўзаемадзеянне трыяды студэнт – педагог – бацькі дазволіць ім дасягнуць поспехаў у будучай прафесійнай дзейнасці, стаць канкурэнтаздольнымі спецыялістамі.

З прывітаннем да студэнтаў звярнуўся і пракурор Брэсцкай вобласці, дзяржаўны саветнік юстыцыі 3 класа Віктар Клімаў. Віктар Дзмітрыевіч падкрэсліў, што для першакурснікаў БрДУ імя А. С. Пушкіна сёння вельмі важны дзень – пачатак студэнцкага жыцця, пачатак прафесійнага шляху. Віктар Клімаў адзначыў, што юнакі і дзяўчаты выбралі высакародныя прафесіі педагога, псіхолага, эканаміста, лінгвіста, юрыста, і пажадаў усім паспяховай вучобы, творчага натхнення, актыўнага ўдзелу ў жыцці студэнцкага калектыву.

Для новага пакалення студэнтаў БрДУ імя А. С. Пушкіна ў гэты дзень стартавала традыцыя весці фоталетапіс студэнцкага жыцця. Рэктар уручыла фотаальбомы першакурснікам кожнага факультэта, у якіх будзе адлюстравана хроніка іх перамог і дасягненняў, будняў і святаў, самых яркіх момантаў студэнцкага жыцця.

Дапоўніла ўрачыстасць канцэртная праграма, падрыхтаваная актывістамі студэнцкага клуба, якая выразна прадэманстравала яркае творчае жыццё ўніверсітэта.

  

Пачынаць шлях да авалодвання прафесіяй у Год народнага адзінства – ганарова і адказна: маладым людзям наканавана разам пазнаваць новае, захоўваць тое, што маем, і будаваць будучае роднай Беларусі.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: