БрДУ на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі

XVIII Рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі праходзіць у Мінску з 16 па 19 красавіка ў рамках мерапрыемстваў Года малой радзімы. Наш універсітэт на ёй прадстаўляюць прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Сакалова, кіраўнік аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Таццяна Кошык, педагог-псіхолаг Вікторыя Тарасюк і студэнты: моладзевы пасол Мэтаў устойлівага Развіцця Валерыя Гаспадарова (геаграфічны факультэт), Карына Зушчык (сацыяльна-педагагічны факультэт), Ксенія Пухнарэвіч (факультэт замежных моў), Арцём Тамашук (факультэт фізічнага выхавання), Мацвей Швед (гістарычны факультэт), Ілья Юзвук (гістарычны факультэт).

Урачыстае адкрыццё выставы адбылося 17 красавіка. Міністр адукацыі Ігар Карпенка зазначыў: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ўяўляе сабой дзейнасць згуртаваных калектываў, якія творча падыходзяць да адукацыі і выхавання маладога пакалення, таму што выхаванне не мае ўніверсальных сродкаў на ўсе выпадкі жыцця. Абмен вопытам з калегамі і знаёмства з інавацыйнымі падыходамі да арганізацыі працы вельмі важныя для педагогаў.

Праца выставы праходзіць у рамках трох тэматычных дзён. У дзень інавацый быў дадзены старт рэспубліканскай акцыі «Я гэты край Радзімаю заву», прэзентаваны інтэрактыўныя праграмы і інавацыйныя праекты «Алея стартапаў» і многія іншыя, а таксама ўзнагароджаны пераможцы і прызёры Рэспубліканскага конкурсу «Валанцёры Беларусі: наш уклад для малой радзімы». Інавацыйныя матэрыялы з вопыту работы ўстаноў адукацыі ў рамках правядзення Года малой радзімы былі выстаўлены на стэндах.

Не менш насычаная праца дня рэгіянальных ініцыятыў. Старт сацыяльна-творчай эстафеты па рэгіёнах Рэспублікі Беларусь «Павіншуй ветэранаў – сваіх землякоў», цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскага конкурсу «Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусi», падвядзенне вынікаў сацыяльна-творчай акцыі «Аб подзвігу прапрадзедаў мы памятаем» і рэспубліканскія семінары, прысвечаныя дасягненням, праблемам і перспектывам выхаваўчай працы ўстаноў адукацыі краіны ў Год малой радзімы – такі парадак дня.

У дзень творчасці і спорту прадставяць творчыя нумары, прымеркаваныя да Года малой радзімы і да II Еўрапейскіх гульняў, і паказальныя выступленні спартсменаў.

Урачыстае закрыццё і цырымонія ўзнагароджання адбудуцца 19 красавіка. Поспехаў нашай камандзе!

Юлія Воўк, студэнцкі клуб
паводле інфармацыі прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі

Падзяліцца: