Адкрыты турнір па дзюдо

З 8 па 10 лістапада 2017 года гасцінная зала барацьбы спартыўнага корпуса нашага ўніверсітэта сабрала ў сваіх сценах удзельнікаў Адкрытага турніру Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна па дзюдо, прысвечанага гадавіне ўтварэння БрДУ. Спаборніцтвы мелі актуальны характар, бо былі накіраваны ў першую чаргу на адбор наймацнейшых спартсменаў у зборную каманду ўніверсітэта напярэдадні Рэспубліканскай універсіяды, якая пройдзе 23-25 лістапада ў спартыўным комплексе «Стайкі» Мінскай вобласці. Таксама спаборніцтвы мелі на мэце распаўсюджванне і развіццё барцоўскіх відаў спорту ў БрДУ, у тым ліку і сярод замежных студэнтаў, у якіх яны вельмі папулярныя.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 100 спартсменаў. Мужна змагаліся за перамогу прадстаўнікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, БФСТ «Дынама», ГА «Спартыўны клуб "Бусідо"», Брэсцкае вучылішча алімпійскага рэзерву, СДЮШАР № 1 г. Брэста.

Удзельнікі турніру спаборнічалі ў сямі вагавых катэгорыях сярод юнакоў і ў столькіх жа – сярод дзяўчат. Першы дзень спаборніцтваў быў прысвечаны асабістым паядынкам, а другі – камандным спаборніцтвам «сценка на сценку». Рабяты прадэманстравалі цудоўную кідковую тэхніку і выдатны ўзровень падрыхтоўкі.

Спаборніцтвы прайшлі на высокім прафесійным узроўні. Выдатная ацэнка арганізацыі мерапрыемства быў дадзена старшым трэнерам Брэсцкай вобласці па дзюдо Вячаславам Сцяпанавічам Рысем.

Паводле слоў галоўнага суддзі спаборніцтваў, старшага выкладчыка кафедры лёгкай атлетыкі, плавання і лыжнага спорту Ігара Іосіфавіча Глебіка спаборніцтвы прайшлі на добрым арганізацыйным узроўні і паслужылі выдатнай практыкай для студэнтаў-спартсменаў і студэнтаў, якія абслугоўвалі турнір у якасці суддзяў.

У недалёкай будучыні ва ўніверсітэце плануецца правядзенне спаборніцтваў па вольнай барацьбе, барацьбе самба і грэка-рымскай барацьбе. А пакуль што мы пажадаем рабятам паспяховых стартаў на Рэспубліканскай універсіядзе!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: