1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

1 снежня 2018 года ў рамках Сусветнага дня барацьбы супраць СНІДу выкладчыкамі кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі псіхолага-педагагічнага факультэта была праведзена інфармацыйна-метадычная выстава, накіраваная на павышэнне ўзроўню інфармаванасці студэнцкай моладзі па праблемах, звязаных з ВІЧ/СНІД, і фарміраванне талерантнага стаўлення да людзей, якія жывуць з ВІЧ. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі студэнты 2–4 курсаў, якія навучаюцца па спецыяльнасці «Сацыяльная педагогіка».

Варта адзначыць, што выстава носіць статус штогадовай традыцыйнай падзеі. Усе яе экспанаты вылучаюцца крэатыўнасцю, аўтарскім падыходам, арыгінальнасцю. У бягучым годзе студэнтамі былі прадстаўлены разнастайныя матэрыялы, змястоўна сфакусаваныя на розных аспектах прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі: фотаработы, калажы, плакаты, календары, праекты, артыкулы, прысвечаныя праблеме распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі прадметы паўсядзённага побыту з сімволікай барацьбы са СНІДам (кубкі, майкі і г.д.). На выставе знайшлі адлюстраванне лічбы статыстыкі, якія дэманструюць рэальную карціну распаўсюджвання эпідэміі, смяротнасці. Былі пазначаны таксама і праблемы рэгіёнаў Беларусі ў дачыненні да ВІЧ/СНІД.

Так, у ходзе мерапрыемства ўдзельнікі выставы даведаліся пра тое, што па статыстыцы Рэспубліка Беларусь займае сёмае месца сярод краін рэгіёна (пасля Расіі, Украіны, Эстоніі, Малдовы, Таджыкістана, Латвіі) па тэмпах распаўсюджвання ВІЧ. Па стане на 1 лістапада 2018 г. у Рэспубліцы Беларусь больш за 26 000 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, колькасць асоб, якія жывуць з ВІЧ, склала 20 678 чалавек. На 1 лістапада 2018 г. кумулятыўная колькасць ВІЧ-інфіцыраваных у Брэсцкай вобласці складае 2030 выпадкаў, колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, – 1556. За 10 мес. 2018 года выяўлена 150 новых выпадкаў.

Такім чынам, названая выстава нагадвае ўсім: ВІЧ пакуль не знікае, распаўсюджванне СНІДу ў цяперашні момант з’яўляецца праблемай сацыяльнай бяспекі, якая можа закрануць любога чалавека. А падобныя інтэрактыўныя мерапрыемствы спрыяюць ўзмацненню грамадскага ўсведамлення праблемы ВІЧ і СНІДу, распаўсюджванню прафілактычнай інфармацыі ў грамадскіх групах і, што не менш важна, садзейнічаюць фарміраванню адказных адносін да свайго здароўя, матывацыі на адмову ад рызыкоўных практык паводзін.

Г.М. Ткачук, старшы выкладчык
кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі

Падзяліцца: